|
Ішло жыцьцё, а разам з ім і час... Лес занесла сьнегам. І на зямлі, на сьнезе было відно шмат розных сьлядоў... Некаторыя з іх складалі сьцежкі ды сьцяжынкі, некаторыя - шляхі... А некаторыя вялі ня вельмі ўпэўненымі крокамі некуды ў глыб лесу. У небе было бачна Сонца, промні якога адбіваліся ад сьнегу. |
| Зіма... Відаць самая лепшая пара году... Бо вакол, асабліва у Лесе, ўсё чыстае і сьветлае... Невялічкія ялінкі занесеныя сьнегам, сьцежкі на сьнезе... Сумёты і завеі... Не, лепш за зіму няма нічога, калі ж яшчэ можна ў такой цішыні і прыгажосьці паблукаць па лесе і паглядзець на пакінутыя зьвярамі сьляды.... |
|
|
І вось адна з такіх сьцяжынак прывяла на палянку, на якой месьціцца таямнічая Хатка. Каля Хаткі стаіць упрыгожаная да Калядаў елка. Тут жа складзеныя дровы, а непадалёк бачны калодзеж. Усё замецена сьнегам, і таму выглядае яшчэ больш неверагодна-казачна. Але негледзячы на сумёты да Хаткі вядзе расчышчаная сьцежка. А запаленыя ліхтары каля ўваходу падказваюць, што ў хаце ўжо ёсьць нехта. То зойдзем... Адразу над ўваходам можна заўважыць падкову, напэўна, на шчасьце... Адчыніўшы дзьверы, адчуваецца цеплыня... У сенцах ляжыць розны інструмант, ды ў куце стаяць вёдры... Пройдзем у галоўны пакой Хаткі... |
| Адразу як зайшлі, заўважаем, як міма пранеслася чорная котка і схавалася за печкай. У Хатцы вельмі цёпла і сьветла. Сьцены ўпрыгожаны бела-чырвонымі рушнікамі ды шматлікімі занатовачкамі. Пачэсны пасад займае печка, але на ёй ужо нехта адпачывае. У цэнтры Хаткі стаіць вялікі стол і за ім за размовамі бавяць час гаспадары ды госьці. Час ад часу, некаторыя з іх нешта занатоўваюць. А некаторых проста не заўважаюць. Дзьверы ў пакой увесь час грукаюць, бо нейкія людзі хутка прасоўваюць у іх галовы, а потым так жа хутка зьнікаюць. А далёка, у больш цёмным куце можна заўважыць пару маладых людзей, якія шэпчуцца пра нешта; адзінае, што можна зразумець, гэта словы: "сонцайка" ды "месячык". У глыбіні пакою бачныя яшчэ адны дзьверы, яны ўвесь час замкнутыя на ключ. А пры спробе іх адчыніць, з-за іх можна пачуць: "Хто ты такі? Адкуль ты ўзяўся?" |
|
|
Прыглядзеўшыся да гасьцей, можна заўважыць людзей і ў нацыянальнай беларускай вопратцы, і ў амэрыканскіх джынсах, і ў нечым зусім заморскім з малюнкамі кенгуру. Трапляюцца наведвальнікі таксама вугорскія ды польскія, але найбольш усё ж тутэйшых. Нешта затрымаліся мы ў Хатцы, бо ўжо і госьці пачалі разыходзіцца ды і час ужо позні. Як выйдзем з Хаткі, бачым людзей, што разыходзяцца ў розныя бакі, прычым, у некаторых, відаць, шлях ня блізкі... Азірнуўшыся, можна пабачыць, што ў Хатцы яшчэ гарыць сьвятло. Над лесам узыходзіў Месяц... А ў Хатцы не рабілася цёмна... |
© Тэкст: Red_Winged_Duck
© Малюнкі: Ведзьмедзянятка